УЛАДЗІ́МІР СВЯТАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Васіль; ?—1015),

вялікі князь кіеўскі [980—1015]. Пазашлюбны сын вял. кіеўскага кн. Святаслава Ігаравіча і ключніцы-рабыні Малушы Любячанкі. З 969 князь-намеснік у Ноўгарадзе. У час жорсткіх усобіц пасля смерці Святаслава (972) уцёк у Скандынавію, адкуль вярнуўся з атрадам варагаў у Ноўгарад і выгнаў свайго брата Яраполка Святаславіча. Каля 980 рушыў на Кіеў. Па дарозе захапіў Полацк, забіў там кн. Рагвалода, яго жонку і сыноў, а князёўну Рагнеду Рагвалодаўну гвалтам зрабіў сваёй жонкай. Пасля захапіў Кіеў і забіў Яраполка. Адваяваў у Польшчы Чэрвенска-Перамышльскую зямлю (981), рабіў паходы на вяцічаў (981—982), яцвягаў (983), радзімічаў (984). Пашырыў і ўмацаваў межы Кіеўскай Русі, у т. л. заснаваў для абароны ад печанегаў і інш. качэўнікаў гарады-крэпасці па рэках Трубеж, Сула, Стугна, Асётр, Дзясна. Каб умацаваць сваю ўладу, рэфармаваў язычніцкі культ і стварыў пантэон гал. багоў на чале з Перуном. За дапамогу ў задушэнні паўстання на тэр. Візантыі (987) атрымаў у жонкі сястру імператара Васілія II Ганну. Умовай для гэтага шлюбу стала хрышчэнне У.С., які ў 988—989 зрабіў хрысціянства дзярж. рэлігіяй (гл. Хрышчэнне Русі). Пабудаваў у Кіеве велічны храм св. Багародзіцы. Пры У.С. развіваліся земляробства і рамёствы, будаўніцтва, засн. школы для падрыхтоўкі служылай знаці і духавенства. Наладзіў паліт., эканам. і культ. сувязі з Візантыяй, Балгарыяй, Польшчай, зах.-еўрап. краінамі. Меў 12 сыноў ад 5 жонак (1-я Рагнеда). Верагодна, заснаваў г. Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), названы ім так у гонар свайго сына ад Рагнеды Ізяслава Уладзіміравіча, якому аддаў у княжанне яго «отчину» (зямлю продкаў) — Полацкае княства. Прыкладна ў сярэдзіне 13 ст. кананізаваны правасл. царквой як роўнаапостальны святы. У.С. — гіст. прататып магутнага і шчодрага кн. Уладзіміра Краснае Сонейка з рус. былін.

Літ.:

Толочко П. Володимир Святий. Ярослав Мудрий. Київ, 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)